Рым
| Рым | |||||
| Населены пункт | |||||
| |||||
| Краіна | Італія | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Першыя згадкі | 21 красавіка 753 да н. э. | ||||
| Дата заснаваньня | каля 21 красавіка 753 да н. э. | ||||
| Кіраўніцтва і ўлада | |||||
| Мэр | Рабэрта Гуальт’еры[d][1] | ||||
| Заканадаўчы орган | Рымская меская рада[d] | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча | 1285,2 км² | ||||
| Тып клімату | міжземнаморскі клімат[d] | ||||
| Вышыня НУМ | 21 м | ||||
| Часавы пас | UTC+1 і UTC+2 | ||||
| Каардынаты | 41°54′ пн. ш. 12°30′ у. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | 2 746 594 чал. (2025) | ||||
| Афіцыйная мова | італьянская мова | ||||
| Этнахаронімы | Roman, romano, romana, Romain, Romaine, romano, romana, Römer, Römerin, romà, romana, Romano, Erromatar, rzymianin[2], rzymianka[3], рѝмляни, Romein, римлянин, римлянка, римляне, rzymianie[4], rzymianki[4], Rimljan, Rimljanka, রোমান і romani | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | 06 | ||||
| Паштовы індэкс | 00100 | ||||
| Нумарны знак | RM | ||||
| Сайт | comune.roma.it | ||||
| Рым на мапе Італіі Рым | |||||
Рым (па-італьянску: Roma) — сталіца Італіі, самы вялікі й самы густанаселены горад у краіне, а таксама камуна, з больш за 2,7 мільёну жыхароў на канец 2025 году й плошчай у 1285 км². Горад разьмешчаны ў цэнтральна-заходняй частцы італьянскага паўвострава, на рацэ Тыбр у рэгіёне Ляцыё. Гісторыя Рыму ахоплівае дзьве з паловай тысячы гадоў. Горад быў сталіцай Рымскага каралеўства, Рымскай рэспублікі й Рымскай імпэрыі, якая была дамінуючай сілай у Заходняй Эўропе й землях Міжземнамор’я больш за семсот год з I стагодзьдзя да нашай эры да VII стагодзьдзя нашай эры. З I стагодзьдзя нашай эры Рым быў рэзыдэнцыяй папства, а пасьля сканчэньня бізантыйскага панаваньня, у VIII стагодзьдзі ён стаў сталіцай Папскай дзяржавы, і працягваў існаваць у такім статусе да 1870 году. У 1871 годзе Рым стаў сталіцай Каралеўства Італіі, якая 1946 годзе пераўтварылася ў Італьянскую Рэспубліку.
Пасьля сярэднявечча, Рым знаходзіўся пад уладай папаў, як то Аляксандар VI і Леў X, які ператварыў горад у адзін з буйных цэнтраў італьянскага Адраджэньня, разам з Флярэнцыяй[5]. Сучасны выгляд Базыліка Сьвятога Пятра атрымала ў тыя часы, а Сыкстынская капэля была расьпісаная Мікелянджэлё. Вядомыя мастакі й архітэктары, як то Брамантэ, Бэрніні й Рафаэль пражывалі некаторы час у Рыме, спрыяючы разьвіцьцю стыляў рэнесанса й барока.
У 2007 годзе Рым увайшоў у сьпіс 11 самых наведвальных гарадоў у сьвеце, быў трэцім самым наведвальным у Эўрапейскім Зьвязе, і самым папулярным горадам Італіі[6]. Горад зьяўляецца вельмі прывабным месцам у эканамічным пляне з пункту гледжаньня рэпутацыі й актываў[7]. Ягоны гістарычны цэнтар уключаны ЮНЭСКО ў Сьпіс сусьветнай спадчыны[8]. Помнікі й музэі, як то музэі Ватыкана й Калізэй знаходзяцца сярод 50 сусьветных найбольш наведвальных турыстычных месцаў[9]. У Рыме прайшлі ў 1960 годзе летнія Алімпійскія гульні. Горад удзельнічаў у барацьбе за права правядзеньня летніх Алімпійскіх гульняў 2020 году[10].
У межах Рыму месьціцца незалежная дзяржава Ватыкан — сядзіба Каталіцкай Царквы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Старажытны Рым
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першыя паселішчы на месцы сучаснага Рыму зьявіліся задоўга да традыцыйнай даты заснаваньня горада.
Царскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Згодна з самай распаўсюджанай легендай, браты Ромул і Рэм, народжаныя ад прадстаўніцы роду цароў Альба-Лёнга Рэі Сыльвіі й бога Марса, вырасьлі на беразе Тыбра. Аднавіўшы на троне Альба-Лёнга законнага кіраўніка — свайго дзеда Нумітора, Ромул і Рэм вярнуліся да Тыбру для стварэньня калёніі. Паміж братамі ўзьнікла сварка, Ромул забіў Рэма й заснаваў умацаванае паселішча на Палятыне. У I стагодзьдзі да н. э. было вылічана некалькі дат стварэньня Рыму, найбольш вядомая зь якіх — 753 год да н. э.
Ромул ёсьць першым царом Рыма. Усяго традыцыя называе 7 цароў. Цар Сэрвіюс Туліюс традыцыйна называецца будаўніком вядомай Сэрвіюсавай сьцяны. Падчас царскай эпохі ў Рыме зьявіліся першыя храмы, у тым ліку Храм Вэсты й Храм Януса. Паводле зьвестак гісторыка Тытуса Лівіюса Сэрвіюс Туліюс падчас першага перапісу налічыў у Рыме 80 тысячаў грамадзян.
Рэспубліканскі лад
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Доўгі час горад быў абмежаваны Сэрвіюсавай сьцяной, якая зьяўлялася ня столькі фізычнай, колькі сакральнай мяжой горада, для абазначэньня мяжы Рыму выкарыстоўваўся тэрмін памэрыюм. Па меры пашырэньня Рымскай дзяржавы былі пракладзеныя дарогі, якія спачатку зьвязалі Рым з калёніямі ў Італіі, а затым і з аддаленымі правінцыямі.
Цэнтральнай плошчай Рыму стала даліна паміж Палятынам і Квірыналем, вядомая як Форум. Адсюль разыходзіліся важнейшыя вуліцы: via sacra, якая вяла да галоўнай сьвятыні Рыму — храму Юпітэра Капіталійскага. Паралельна ёй, ля падножжа Палятына, праходзіла via nova і іншыя вулачкі. Іншай важнай плошчай унутры горада быў рынак жывёлы ў Тыбры — Бычыны форум, які разьмяшчаўся ў самай ажыўленай гандлёвай частцы горада. Па суседзтве, але па-за сьценамі горада, ляжаў рынак агародніны.
Колькасьць храмаў рэспубліканскага Рыму даказвае глыбокую рэлігійнасьць рымскага народа, у кожнай частцы горада можна, на падставе далёка няпоўнага паданьня, налічыць некалькі буйных сьвяцілішчаў. Таксама ў горадзе знаходзіўся храм старажытнай трыяды Цэрэс, Лібэр і Лібэра (лац. Ceres, Liber, Libera), пабудаваны, паводле паданьня, у 496 годзе да н. э.
У эпоху рэспублікі практычны розум рымляніна быў накіраваны больш за ўсё на павелічэньне й карыснае разьмяшчэньне капіталу. Адсюль шарока выкарыстоўвалася пабудова сьпехам, з найбольш таннага матэрыялу й у магчыма большую колькасьць паверхаў. Такі характар будаўніцтва быў прычынай сталых скаргаў насельніцтва на прыгнёт кватэрнай платы, нездавальняючага стану горада ў санітарным і эстэтычным стаўленьні й страшэнай дарагоўлі месцаў пад пабудовы. Палітычная ўлада не давала месца рэформам у гэтым кірунку. У апошнія смутныя гады рэспублікі большасьці грамадзянам было, прытым, не да паляпшэньня ўмоваў гарадзкога жыцьця, не да пабудовы новых грамадзкіх будынкаў і нават не да падтрыманьня старых.
З ростам і пашырэньнем Рымскай дзяржавы назіралася паступовае зьмяненьне самога горада, які быў ужо сталіцай вялікай імпэрыі. Пашырэньне памераў Люцыюсам Карнэліюсам Сулам і ўзьвядзеньне новых пабудоваў Гнэем Пампэем папярэднічалі дзейнасьці Цэзара й Аўгуста. Цэлыя мястэчкі, што ўзьніклі ля Тыбра, на Марсавым полі, за porta Capena, па Апіевай дарозе, неабходна было зрабіць юрыдычна часткай горада, у склад якога яны фактычна ўваходзілі. Толькі такім шляхам можна было стварыць людзкія ўмовы дзя жыцьця ў цэнтры горада, адцягнуць жыцьцё на ўскраіны й падаць больш прастору для грамадзкіх будынкаў у цэнтры.
Імпэрскія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Гай Юліюс Цэзар узьвёў новы будынак сэната й заклаў новую калясальную базыліку на заходнім баку форуму, названай ягоным імём. Яму ж належыць ідэя стварэньня новай тэрыторыю для грамадзкіх будынкаў на Марсавым полі й злучэньня, побач пабудоваў грамадзкага й рэлігійнага характару, стары горад ля форума з новым горадам на Марсавым полі. Першая з гэтых ідэяў знайшла свой выраз у пабудове портыка для галасаваньняў на Марсавым полі (лац. Saepta Julia), другая — у стварэньні штучных плошчаў (лац. Fora), якія, у сутнасьці, зьяўляліся нічым іншым, як дварамі вакол цэнтральнага храма. Першай зь іх быў форум Юліюса Цэзара з храмам Вэнэры-Прамаці Юліюсаў. Поўнае ажыцьцяўленьне плянаў Цэзара знайшлі сваё месца толькі пры Аўгусьце, які стварыў новы горад чатырнаццаці кварталаў. Рым з гэтага часу згубіў свой характар ўмацаванага горада, прастора ўсярэдзіне Сэрвіюсавай сьцяны была канчаткова забудавана, а ў межы горада ўвайшлі прадмесьця.
На Рымскім форуме, акрамя рэстаўрацыі й перабудовы храмаў, курыі й Юліюсавай базылікі, Аўгусту належыць пабудова храма Цэзару й новага цэнтра палітычнага жыцьця Рыма, якая перайшла на форум і засяродзілася вакол новай народнай трыбуны, новых ростраў. Каля форуму Цэзара паўстаў форум Аўгуста, а паблізу ад яго разьмясьціўся Храм Марса-Мсьціўца, чым быў зроблены новы крок да злучэньня цэнтра з Марсавым полем. Быў таксама пабудаваны захаваўшыся да нашых дзён Пантэон.

У часы кіраваньня імпэратара Нэрона ў Рыме адбыўся «вялікі пажар». Горад цалкам быў адбудаваны, на гэты раз больш прыгожа. Шэраг мераў паліцэйскага характару зьмяніў выгляд вуліц. Новыя дамы мелі больш прыстойны выгляд: адной зь мераў Вэспасіяна было абавязковае забесьпячэньне кожнага дома портыкам, дзякуючы чаму вуліцы атрымлівалі выгляд крытых галерэяў. Свабоднай прасторай пасьля пажару Флявіюсы скарысталіся для сваіх манумэнтальных пабудоваў. У даліне паміж Палятынам і Эсквілінам паўстаў Калізэй, вакол яго — шэраг пабудоваў службовага характару.
Дзейнасьць першых імпэратаў бліскучым чынам скончыў Траян, ён канчаткова зьвязаў шэраг імпэратарскіх плошчаў з Марсавым полем калясальнай плошчай (лац. Forum Traianum). Галоўным стварэньнем Адрыяна быў Храм Вэнэры й Ромы на Вэліі, узьвядзеньнем якога было скончана ператварэньне цэнтральнай частцы горада ў шэраг бліскучых пабудоваў, якія злучалі форум з Марсавым полем з аднаго боку й з плошчай ля Калізэя — зь іншай. За Тыбрам Адрыян пабудаваў сабе маўзалей, які існуе па сёньня ў выглядзе крэпасьці сьв. Анёла, там жа паўстаў у гэтыя часы й новы цырк. Імпэратары вялі актыўнае будаўніцтва грандыёзных тэрмаў.
Пазьней будаўніцтва новых будынкаў значна замарудзілася з-за складанага становішча Рымскай імпэрыі. У канцы III стагодзьдзя былі ўзьведзены новыя ўмацаваньні, вядомыя як сьцяна Аўрэліяна. Яны ахоплівалі ўвесь парослы горад зь ягонай затыбраўскай часткай. Яны супадалі з мытнай лініяй і збольшага зь мяжой памэрыюма, але ў многіх выпадках у межы сьценя былі ўведзеныя й грабніцы. У IV стагодзьдзі пачынаецца будаўніцтва хрысьціянскіх храмаў. Складаны для горада час наступіў у V стагодзьдзі. У 410 годзе Рым узяў і разрабаваў правадыр вэстготаў Алярых, у 455 годзе горад жорстка разрабавалі вандалы.
Сярэднявечча
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У 476 годзе Адаакр скінуў апошняга заходне-рымскага імпэратара, але хутка ў сваю чаргу саступіў месца остготу Тэадорыху, панаваньне якога адзначылася пачаткам шырокай рэстаўратарскай дзейнасьцю ў горадзе. Падчас вайны Бізантыі супраць остготаў у 536—552 гадох Рым шэсьць разоў падвяргаўся аблозе й пераходзіў з рук у рукі. Пры гэтым остгоцкія цары, і ў асаблівасьці Татыла, бралі шматлікіх закладнікаў зь ліку жыхароў Рыму, што прывяло да зьнішчэньня самых шляхетных фаміліяў і паменшыла насельніцтва Рыму да 30—40 тысяч чалавек. На працягу наступных двух стагодзьдзяў, калі значная частка Італіі была адрынутая ад Бізантыі лянгабардамі, папы сталі гуляць значную ролю ў сьвецкіх справах гораду пры намінальным падпарадкаваньні слабой Бізантыі, то бок равэнскаму экзарху.
Не зважаючы на тое, што імпэратары працягвалі даглядаць асобныя будынкі, але зь цягам часу большасьць грамадзкіх будынкаў павольна пачала разбурацца. Разбурэньню будынкаў спадарожнічала выкраданьне зь іх упрыгожваньняў з бронзы, мармуру й іншага каштоўнага матэрыялу. З узвышэньнем ролі папаў усё большую ролю ў горадзе пачала гуляць базыліка Сьвятога Пятра й цэнтар гораду павольна перамясьціўся на Ватыканскі пагорак, вакол якога ўжо пры папу Ляву IV ўзводзяцца новыя абарончыя збудаваньні.
Старыя будынкі бесьперашкодна руйнаваліся, захоўваліся толькі тыя, у якіх знайшлі сабе прытулак хрысьціянскія цэрквы або фэадальныя крэпасьці. Гэтак маўзалей Адрыяна, разьмешчаны побач з Ватыканскім пагоркам, яшчэ пры пабудове муроў Аўрэліянам стаў невялікай крэпасьцю, а з часам ператварыўся ў непрыступны папскі замак Сьвятога Анёла.
Раньняя сучасная гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1418 годзе Канстанцкі сабор урэгуляваў Заходні раскол, тады ж быў абраны папа Мартын V[11]. Гэта дало Рыму стагодзьдзе спакою, што азнаменавала пачатак Адраджэньня[11]. Ад таго часу да першай паловы XVI стагодзьдзя панаваньне папаў атрымала назву стагодзьдзем Лява X, бо кожны зь іх прыкладаў намаганьні ў падтрыманьні й павелічэньні велічы й прыгажосьці Рыму й падтрымцы мастацтваў[11]. У гэтыя гады цэнтар італьянскага Адраджэньня перамясьціўся з Флярэнцыі ў Рым. У гэты час былі створаныя велічныя творы, як то пабудаваная новая базыліка Сьвятога Пятра, Сыкстынская капэля й Сыкстаў мост, то бок першы мост, узьведзены праз Тыбр з антычных часоў, але й на рымскіх падмурках. Дзеля ажыцьцяўленьня гэтых праектаў папы прыцягнулі найлепшых мастакоў свайго часу, у тым ліку Мікелянджэлё, П’етра Пэруджына, Рафаэля, Дамэніка Гірляндаё, Люку Сыньярэльлі, Сандра Батычэльлі й Козыму Расэльлі.

Гэты час быў таксама вядомы карумпаванасьцю папаў, бо многія папы мелі пазашлюбных дзяцей ды займаліся нэпатызмам і сыманіяй. У тым ліку праз такія паводзіны папаў і іхныя велізарныя выдаткі на будаўнічыя праекты часткова сталіся чыньнікам пачатку Рэфармацыі, якая ў сваю чаргу выклікала Контрарэфармацыю. Пры раскошных і багатых папах Рым ператварыўся ў цэнтар мастацтва, паэзіі, музыкі, літаратуры, адукацыі й культуры. Рым здолеў канкураваць зь іншымі буйнымі эўрапейскімі гарадамі таго часу з пункту гледжаньня багацьця, велічы, мастацтва, адукацыі й архітэктуры. Эпоха Адраджэньня кардынальна зьмяніла аблічча места, з такімі творамі, як то П’ета Мікелянджэлё й фрэскі апартамэнтаў Борджыі. Рым дасягнуў найвышэйшага пункту пышнасьці за папам Юліюсам II і ягонымі пераемнікамі Ляве X і Клімэнце VII, якія таксама былі прадстаўнікамі фаміліі Мэдычы. За гэты дваццацігадовы час Рым стаў адным з найвялікшых цэнтраў мастацтва ў сьвеце. Старая базыліка Сьвятога Пятра, пабудаваная імпэратарам Канстантынам Вялікім[12], якая да таго часу знаходзілася ў паўзьнішчаным стане, была зьнесена, і пачалося будаўніцтва новай. У горадзе працавалі такія мастакі, як то Гірляндаё, Пэруджына, Батычэльлі й Брамантэ, якія пабудавалі храм Сан-П’етра-ін-Манторыё й сплянавалі грандыёзны праект па рэканструкцыі Ватыкану. Рафаэль, які ў Рыме стаў адным з самых вядомых мастакоў Італіі, стварыў фрэскі ў віле Фарнэзына, там, што на сёньня вядома як станцы Рафаэля, а таксама напісаў іншыя вядомыя карціны. Мікелянджэлё пачаў упрыгожваньне столі Сыкстынскай капэлі й выляпіў знакамітую статую Майсея для магілы Юліюса II.

Квітнела й эканоміка места. Тут працавалі некалькі тасканскіх банкіраў, у тым ліку Агастына Кіджы, які быў сябрам Рафаэля й мэцэнатам мастацтваў. Перад сваёй раньняй сьмерцю Рафаэль таксама ўпершыню спрыяў захаваньню старажытных руінаў. Вайна Каньяцкай лігі сталася прычынай першага рабаваньня гораду за больш чым пяцьсот гадоў з моманту папярэдняга разрабаваньня, гэтак у 1527 годзе ляндскнехты імпэратара Карла V разрабавалі горад, што паклала канец залатому веку Адраджэньня ў Рыме[11].
Пачынаючы з Трыдэнцкага сабору 1545 году, Каталіцкая Царква пачала Контрарэфармацыю ў адказ на Рэфармацыю, якое паставіла пад пытаньне духоўныя практыкі царквы й ейныя дзяржаўныя справы. Гэтая страта даверу прывяла да значных зрухаў улады ў бок ад Царквы[11]. Пры папах Піюсу IV да Сыксту V Рым стаў цэнтрам рэфармаванага каталіцтва, быўшы сьведкам будаўніцтва новых помнікаў, якія ўслаўлялі папства[13]. Папы й кардыналы XVII і пачатку XVIII стагодзьдзяў працягнулі рух, узбагаціўшы гарадзкі ляндшафт барочнымі будынкамі[13]. Гэта была чарговая эпоха росквіту кумаўства, бо новыя арыстакратычныя сем’і абараняліся папамі, якія будавалі велізарныя барочныя будынкі для сваіх сваякоў[13]. У эпоху Асьветніцтва новыя ідэі апанавалі й Рым, у выніку чаго папы пачалі падтрымліваць археалягічныя дасьледаваньні й паляпшаць дабрабыт людзей[11]. Але ня ўсё ішло добра для Царквы падчас Контрарэфармацыі. Былі няўдачы ў спробах зацьвердзіць уладу папы, прыкметным прыкладам чаго ёсьць 1773 год, калі сьвецкія ўлады змусілі папу Клімэнта XIV забараніць дзейнасьць ордэна езуітаў[11].
Сучаснасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Панаваньне папаў было перапыненая нядоўгачасовай Рымскай рэспублікай, якая існавала з 1798 па 1799 гады й была створана пад уплывам Францускай рэвалюцыі. Папская дзяржава была адноўленая ў чэрвені 1800 году, але ў час узвышэньня Напалеона Рым быў далучаны як дэпартамэнт да Францускай імпэрыі. Спачатку ён уваходзіў у склад Тыбрскага дэпартамэнту, а потым да Рымскага дэпартамэнту. Па зрынаньня Напалеона Папская дзяржава зноў была адноўленая згодна з пастановай Венскага кангрэса 1814 году. У 1849 годзе, калі амаль усю Эўропу ахапілі рэвалюцыі, была абвешчаная другая Рымская рэспубліка. Дзьве найбольш уплывовыя фігуры аб’яднаньня Італіі, Джузэпэ Мадзыні й Джузэпэ Гарыбальдзі, змагаліся за гэтую часовую рэспубліку.
Пасьля таго, як астатняя частка Італіі была аб’яднаная ў Каралеўства Італія ў 1861 годзе з часовай сталіцай у Флярэнцыі, Рым стаў галоўнай мэтай новай краіны. У тым жа годзе Рым быў абвешчаны сталіцай Італіі, не зважаваючы на тое, што ён усё яшчэ быў пад уладай папы. У 1860-х гадах апошнія часткі Папскай дзяржавы знаходзіліся пад абаронай Францыі, дзякуючы замежнай палітыцы Напалеона III. Францускія войскі былі разьмешчаныя ў рэгіёне, каб абараніць дзяржаву папы, але праз пачатак Франка-прускай вайны ў 1870 годзе яны былі вымушаныя сысьці. У выніку італьянскія войскі здолелі захапіць Рым, увайшоўшы ў горад праз пралом ля Порты-Пія. Папа Піюс IX абвесьціў сябе вязьнем у Ватыкане. У 1871 годзе сталіца Італіі была ўжо канчаткова перанесеная з Флярэнцыі ў Рым[14]. У 1870 годзе насельніцтва гораду складала 212 тысяч чалавек, але ўжо ў 1920 годзе колькасьць жыхароў павялічылася да 660 тысяч чалавек. Значная частка жыла па-за межамі гарадзкіх муроў на поўнач ад места й за Тыбрам у раёне Ватыкану.

Неўзабаве па Першай сусьветнай вайне, у канцы 1922 году, у Рыме пачаўся ўздым італьянскага фашызму на чале з Бэніта Мусаліні, які ачоліў марш на горад. Да 1926 году ён скасаваў дэмакратыю, абвесьціўшы новую Італьянскую імпэрыю й аб’яднаўшы ўласныя высілкі з нацысцкай Нямеччынай у 1938 годзе. Мусаліні ўчыніў вялікую перабудову часткі цэнтральнага гораду, каб узбудаваць шырокія праспэкты й пляцы, якія мусілі былі ўслаўляць фашыстоўскі рэжым і адрадзіць ды праславіць клясычны Рым[15]. У міжваенны час назіраўся хуткі рост насельніцтва гораду, якое перавысіла адзін мільён жыхароў неўзабаве пасьля 1930 году. Падчас Другой сусьветнай вайны, дзякуючы мастацкім скарбніцам і знаходжаньню тут Ватыкану, Рым у значнай ступені пазьбег трагічнага лёсу іншых эўрапейскіх гарадоў. Аднак 19 ліпеня 1943 году раён Сан-Лярэнца быў бамбаваны хаўрусьнікамі антыгітлераўскай кааліцыі, у выніку чаго загінула блізу 3 тысячаў чалавек, а яшчэ 11 тысяч было паранена, зь якіх 1500 памерлі пазьней[16]. Мусаліні быў арыштаваны 25 ліпеня 1943 году. У дзень падпісаньня італьянскага перамір’я, 8 верасьня 1943 году, горад быў акупаваны немцамі. Бамбаваньні антынямецкіх сілаў працягваліся ўсьцяж 1943 году й трывалі частку 1944 году. Рым быў вызвалены 4 чэрвеня 1944 году.
Па вайне італьянскі эканамічны цуд прывёў да рэканструкцыі й мадэрнізацыі Рыму ў 1950-х і пачатку 1960-х гадоў. У гэты час ён стаў горадам моды, дзе ў знакамітай студыі Чынэчыта здымаліся такія папулярныя клясычныя фільмы, як то «Бэн-Гур», «Кама градзешы», «Рымскія вакацыі» й «Салодкае жыцьцё». Тэндэнцыя да росту насельніцтва цягнулася да сярэдзіны 1980-х гадоў, а на піку ў камуне пражывала больш за 2,8 мільёнаў чалавек. Пасьля гэтага насельніцтва павольна пачало скарачацца, бо людзі пачалі перасяляцца ў найбліжэйшыя прадмесьці.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Рым месьціцца ў рэгіёне Ляцыё ў цэнтральнай Італіі на рацэ Тыбр. Першапачатковае пасяленьне было створана на пагорках, якія стаялі ля броду праз раку, які ёсьць адзіным натуральным пераходам праз раку ў гэтым раёне. Горад быў пабудаваны на сямі пагорках: Авэнтын, Цэліё, Капітоліюм, Эсквілін, Палятын, Квірыналь і Віміналь. Праз сучасны Рым працякае таксама іншая рака Аньенэ, якая ўпадае ў Тыбр на поўнач ад гістарычнага цэнтра горада.
Нягледзячы на тое, што цэнтар горада месьціцца ў 24 кілямэтрах ад унутранага Тырэнскага мора, тэрыторыя горада з часам пашыралася й горад дарос да берага, дзе зараз у паўднёва-заходняй частцы горада месьціца раён Остыя. Вышыня цэнтральнай частцы гораду вагаецца ад 13 да 139 мэтраў над узроўнем мора[17]. Сучасны горад займае агульную плошчу ў 1 285 км², маўчы ў сваёй мяжы вялікую колькасьць зялёных зонаў.
Паркі й сады
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Грамадзкія паркі й прыродныя запаведнікі займаюць вялікую плошчу Рыму, а горад мае адную з найбуйнейшых плошчаў зялёных насаджэньняў сярод эўрапейскіх сталіцаў[18]. Найбольш адметнай часткай гэтай зялёнай прасторы ёсьць вялікая колькасьць вілаў і ляндшафтных садоў, створаных італьянскай арыстакратыяй. Хоць большасьць паркаў вакол вілаў былі зьнішчаныя падчас будаўнічага буму канца XIX стагодзьдзя, некаторыя зь іх захаваліся. Сярод іх вылучаюцца віла Баргезэ, віла Ада й віла Дорыя Памфілі. Віла Дорыя Памфілі месьціцца на захад ад узгорка Джаніколё й займае блізу 1,8 км². Віла Ск’яра стаіць на ўзгорку. У раёне Трастэвэрэ знаходзіцца Батанічны сад. Стары рымскі іпадром ёсьць яшчэ адной вялікай зялёнай зонай, але на ёй замала дрэваў, аднак адсюль адкрываецца добры від на Палятын і Ружовы сад. Непадалёк месьціцца віла Чэлімантана з бухматымі дрэвамі, а побач зь ёй растуць сады, якія атачаюць тэрмы Каракалы. Сад вілы Баргезэ ёсьць адной з самых знаных вялікіх зялёных зонаў у Рыме, сярод зацененых сьцежак якой знаходзяцца знакамітыя мастацкія галерэі. З садоў Пінча й вілы Мэдычы адкрываецца від на П’яццу дэль Паполё й Гішпанскую лесьвіцу. Прыкметны хваёвы лес маецца ў Кастэльфузана недалёк ад Остыі. У Рыме таксама маецца шэраг рэгіянальных паркаў значна больш позьняга паходжаньня, у тым ліку рэгіянальны парк Пінэта й рэгіянальны парк Апіевай дарогі. Ёсьць таксама запаведнікі ў Марчыльяна й Тэнута-дзі-Кастэльпарцыяна.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Рым мае міжземнаморскі клімат паводле кліматычнай клясыфікацыі Кёпэна[19], што характэрна для міжземнаморскага ўзьбярэжжа Італіі. Вясна й восень мяккая. Па стане на жнівень, максымальная сутачная тэмпэратура часта перавышае 30 °C. Традыцыйна, шматлікія кампаніі прывыклі да закрыцьця ў жніўня, бо рымляне ў гэты час наведваюць курорты. У апошнія гады, аднак, у адказ на рост турызму й зьмяненьне звычак працы, горад застаецца адкрытымі на працягу ўсяго лета. Сярэдняя максымальная тэмпэратура ў студзені складае каля 12,9 °C, а ў сьпякотныя пэрыяды яна можа быць вышэйшай, але мінімумы меншыя за нуль не зьяўляюцца рэдкасьцю да гэтага сэзону. Сьнегапады могуць паўстаць у зімовыя месяцы, але гэтая зьява назіраецца рэдка[20].
Летні сэзон доўжыцца каля 6 месяцаў, з траўня па кастрычнік. Два месяцы, красавік і лістапад, зьяўляюцца пераходнымі, у гэты пэрыяд тэмпэратура зрэдку бывае вышэй за 20 °C. Сьнежань, студзень, люты й сакавік зьяўляюцца халоднымі месяцамі, зь сярэдняй тэмпэратурай у 13,1 °C. Сярэдняя адносная вільготнасьць складае 74,8%.
| Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Сярэдні максымум t, °C | 11,9 | 13,0 | 15,2 | 17,7 | 22,8 | 26,9 | 30,3 | 30,6 | 26,5 | 21,4 | 15,9 | 12,6 | 20,4 |
| Сярэдняя t, °C | 7,5 | 8,2 | 10,2 | 12,6 | 17,2 | 21,1 | 24,1 | 24,5 | 20,8 | 16,4 | 11,4 | 8,4 | 15,2 |
| Сярэдні мінімум t, °C | 3,1 | 3,5 | 5,2 | 7,5 | 11,6 | 15,3 | 18,0 | 18,3 | 15,2 | 11,3 | 6,9 | 4,2 | 10,0 |
| Норма ападкаў, мм | 66,9 | 73,3 | 57,8 | 80,5 | 52,8 | 34,0 | 19,2 | 36,8 | 73,3 | 113,3 | 115,4 | 81,0 | 804,3 |
| Крыніца: Servizio Meteorologico dell'Aeronautica Militare | |||||||||||||
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Да 550 году да н. э. Рым быў другім паводле велічыні горадам Італіі пасьля Тараса (сучасны Таранта) на паўвостраве Салентына[21]. Ягоная плошча складала блізу 285 га, а насельніцтва ацэньвалася ў 35 тысяч чалавек. Іншыя крыніцы сьведчаць аб тым, што з 600 па 500 гады да н. э. насельніцтва складала крыху менш за 100 тысяч чалавек[22]. Калі ў 509 годзе да н. э. была заснаваная Рымская рэспубліка, перапіс насельніцтва зафіксаваў 130 тысяч чалавек[23]. Тэрыторыя дзяржавы на той час улучала сам горад і найбліжэйшыя навакольлі. Іншыя крыніцы сьведчаць, што ў 500 годзе да н. э. насельніцтва сягала 150 тысяч чалавек. Да 150 году да н. э. яно ўжо перавышала 300 тысяч чалавек[23][24][25][26].

Памер места ў часы імпэратара Аўгуста застаецца прадметам здагадак, пры гэтым ацэнкі, якія палягаюць на статыстычных паказьніках датычных збожжа, здольнасьцяў аквэдука, межах гораду, шчыльнасьці насельніцтва й ягоных перапісах ды здагадках аб колькасьці жанчынаў, дзяцей і рабоў, пра якіх не паведамлялася, даюць вельмі шырокі дыяпазон. Гісторык Глен Сторы ацэньвае колькасьць жыхароў у 450 тысяч чалавек, Ўітні Оўтс прытрымліваецца ліку ў 1,2 мільёнаў чалавек, а Нэвіл Морлі дае прыблізную ацэнку ў 800 тысяч чалавек ды выключае ранейшыя меркаваньні аб наяўнасьці 2 мільёнаў жыхароў[27][28][29]. Ацэнкі насельніцтва Рыму да й па зьнікненьні Рымскай імпэрыі таксама розьняцца. Шкода, якая была зробленая ў час рабаваньняў, магла быць пераацэненая. Насельніцтва ўжо пачало скарачацца з канца IV стагодзьдзя, але прыкладна ў сярэдзіне V стагодзьдзя, здаецца, Рым працягваў заставацца найбольш густанаселеным горадам дзьвюх частак імпэрыі[30]. На думку Рыхарда Краўтгаймэра, у 400 годзе колькасьць насельніцтва складала блізу 800 тысяч чалавек, а да 452 году яна скарацілася да 500 тысяч, а ў 500 годзе, мажліва, лік жыхароў не перавышаў 100 тысячаў. Пасьля Гоцкіх войнаў 535—552 гадоў насельніцтва магло часова скараціцца да 30 тысяч чалавек. Падчас пантыфікату папы Грыгорыюса I, то бок у пэрыяд 590—604 гадоў, колькасьць жыхароў магло дасягнуць 90 тысяч чалавек, павялічыўшыся за кошт мігрантаў[31]. Бэрнард Лэнкан ацэньвае колькасьць у 500 тысяч чалавек на падставе колькасьці людзей, зарэгістраваных як асобы, якія мелі права на атрыманьне хлеба, алею й віна, а падчас рэформы 419 году колькасьць зьнізілася да 120 тысяч чалавек[32]. Насельніцтва Рыму скарацілася да менш чым 50 тысяч чалавек у раньнім Сярэднявеччы, пачынаючы з 700 году. Колькасьць жыхароў не павялічвалася да пачатку Адраджэньня[33].
Калі ў 1870 годзе Рым быў анэксаваны Каралеўствам Італіі, насельніцтва гораду складала блізу 225 тысяч чалавек. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны гэтая лічба павялічылася да 600 тысяч чалавек. Рост насельніцтва працягваўся й па Другой сусьветнай вайны, чаму спрыяў паваенны эканамічны бум. Будаўнічы бум таксама прывёў да разбудовы шматлікіх прадмесьцяў у 1950-х і 1960-х гадах. Насельніцтва ўласна Рыму на лістапад 2025 году сягала 2 747 395 чалавек, што рабіла яго самым густанаселеным горадам краіны. Таксама гэта паставіла яго на трэці радок паводле колькасьці насельніцтва ў Эўрапейскім Зьвязе. Поруч з прадмесьцямі колькасьць жыхароў перавышала 4 мільёны чалавек.
Мова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Гістарычны ўнёсак Рыму ў разьвіцьцё моваў у сусьветным маштабе надзвычай значны. У выніку працэсу раманізацыі народы Італіі, Галіі, Пірэнэйскага паўвострава й Дакіі распрацавалі мовы, якія беспасярэдне паходзяць ад лацінскай мовы й былі распаўсюджаныя на вялізарныя абшары сьвету праз культурны ўплыў, калянізацыю й міграцыю. Іншыя мовы, у тым ліку беларуская, запазычылі вялікую колькасьць словаў і выразаў мовы Рыму. Рымскае, або лацінскае, пісьмо ўважаецца за найбольш шырока ўжываную сыстэму пісьма ў сьвеце, якой карыстаецца найбольшая колькасьць моваў сьвету[34]. Мае старадаўнюю лацінскую традыцыю пісьма й беларуская мова.
Сярэднявечны рымскі дыялект належыў да паўднёвай групы італьянскіх дыялектаў і таму быў значна бліжэйшы да нэапалітанскай мовы, чым да флярэнтыйскай[35][36]. Тыповым прыкладам рымскай гаворкі таго часу ёсьць «Жыцьцё Кола дзі Рыенцы», напісаная ананімным рымлянінам у XIV стагодзьдзі[35]. Пачынаючы з XVI стагодзьдзя, рымскі дыялект усё мацней трапляў пад уплыў тасканскага дыялекту, ад якога паходзіць сучасная італьянская мова. Гэта пачалося ў часы панаваньня двух папаў з роду Мэдычаў, як то Лява X і Клімэнта VII, а таксама па разрабаваньні Рыму ў 1527 годзе. Гэта выклікала масавую іміграцыю сюды людзей з Тасканы[37][38]. Такім чынам, сучасная рымская гаворка мае граматыку й карані, якія істотна адрозьніваюцца ад іншых дыялектаў Цэнтральнай Італіі[38].
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Як і ва ўсёй Італіі, у Рыме пераважае хрысьціянства, і горад цягам стагодзьдзяў быў важным цэнтрам рэлігіі й пілігрымак ад часоў старажытнай рымскай рэлігіі, а пазьней як месца, дзе месьціцца Ватыкан і засядае папа. Да прыходу хрысьціянаў у Рым галоўнай рэлігіяй гораду ў эпоху клясычнай антычнасьці была гэтак званая рэлігія Старажытнага Рыму. Першымі багамі, якіх рымляне лічылі сьвятымі, былі Юпітэр, найбольш шанаваны, і Марс, бог вайны, а таксама паводле традыцыі бацька двух заснавальнікаў Рыму, як то Ромула й Рэма. Ушаноўваліся таксама іншыя боствы, як то Вэста й Мінэрва. Рым быў цэнтрам і некалькіх містычных культаў, як прыклад мітраізму. Пазьней, пасьля таго як Сьвяты Пётар і Сьвяты Павал зазналі ў горадзе пакутніцкую сьмерць і пачалі зьяўляюцца першыя хрысьціяне, Рым сам стаў хрысьціянскім. У 313 годзе была ўзьведзеная старая базыліка Сьвятога Пятра. Не зважаючы на некаторыя перапынкі, як то Авіньёнскі палон папаў, Рым усьцяж стагодзьдзяў застаецца сэрцам Каталіцкай Царквы й цэнтрам, дзе засядае біскуп Рыму, вядомы як папа.
Нават з улікам таго, што ў Рыме месьціцца Ватыкан і базыліка Сьвятога Пятра, галоўнай катэдрай места ўважаецца базыліка Сьвятога Яна Лятэранскага, разьмешчаная на паўднёвым усходзе ад цэнтру Рыму. Агулам у горадзе налічваецца блізу 900 цэркваў. Акрамя самой катэдры, варта адзначыць базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, базыліку Сьвятога Паўла за мурамі, базыліку Сьвятога Клімэнта, царкву Сан-Карлё альле Кватра Фантанэ й царкву сьвятогаа імя Ісуса. Пад горадам знаходзяцца таксама старажытныя рымскія катакомбы. У Рыме ёсьць шматлікія вельмі важныя рэлігійныя навучальныя ўстановы, як то Папскі Лятэранскі ўнівэрсытэт, Папскі біблейскі інстытут, Папскі Грыгарыянскі ўнівэрсытэт і Папскі ўсходні інстытут. Тэрыторыя Ватыкану ёсьць часткай Ватыканскага ўзгорка й прылеглых былых Ватыканскіх палёў, дзе былі пабудаваныя базыліка Сьвятога Пятра, Апостальскі палац, Сыкстынская капэля й музэі, а таксама розныя іншыя пабудовы. Да 1929 года гэтая тэрыторыя была часткай рымскай акругі Борга. У той час гэты комплекс быў аддзелены ад места, знаходзячыся на заходнім беразе Тыбру, а гэтая мясцовасьць была рымскім прадмесьцем, абароненым мурамі Лява IV, а пазьней пашыранымі цяперашнімі ўмацавальнымі сьценамі Паўла III, Піюса IV і Урбана VIII. Калі рыхтаваўся Лятэранскі дагавор 1929 году, які заклаў пачатак існаваньня дзяржавы Ватыкану, на межы прапанаванай тэрыторыі паўплываў той факт, што значная ейная частка была амаль аточаная гэтым контурам.
Рым ёсьць важным месцам хрысьціянскіх пілігрымак з часоў Сярэднявечча. Людзі з усяго хрысьціянскага сьвету наведваюць Ватыкан, які знаходзіцца ў межах гораду Рыму, рэзыдэнцыі папства. Акрамя кароткіх часоў незалежнасьці ў Сярэднявеччы, Рым захоўваў свой статус папскай сталіцы й сьвятога гораду цягам стагодзьдзяў, нават калі папы ненадоўга пераехалі ў Авіньён, дзе засядалі з 1309 па 1377 гады. Каталікі лічаць, што Ватыкан ёсьць месцам апошняга спачыну Сьвятога Пятра. Паломніцтва ў Рым можа ўлучаць наведваньне многіх месцаў, як у Ватыкане, гэтак і ў самым Рыме. Папулярным месцам наведнікаў ёсьць Пілатава лесьвіца, якая згодна з хрысьціянскай традыцыяй, утрымлівае прыступкі перавезеныя зь Ерусаліму. Па іх калісьці ішоў Ісус Хрыстос у час свайго пакутніцкага шляху на суд[39].
Акрамя таго, у Рыме месьціцца мноства будыйскіх[40] храмаў, а таксама мноства рымскіх сучасных паганскіх храмаў[41], якія належаць да Асацыяцыі традыцыйных пабожных абрадаў. Ад канца Рымскай рэспублікі Рым таксама ёсьць цэнтрам габрэйскай супольнасьці. Галоўнай сьвятыняй юдэяў ёсьць Вялікая сынагога.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Рымскі ўнівэрсытэт Ля-Сапіенца (па-італьянску: Sapienza Universita di Roma) (заснаваны 1303)
- Папскі ўнівэрсытэт Сьвятога Тамаша Аквінскага (па-лацінску: Pontificia Universitas Studiorum a Sancto Thoma Aquinate in Urbe) (заснаваны 1580)
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Як сталіца Італіі, Рым ёсьць местам, дзе разьмяшчаюцца ўсе асноўныя інстытуты краіны, у тым ліку рэзыдэнцыя прэзыдэнта краіны, урад, парлямэнт, а таксама галоўныя судовыя органы й дыпляматычныя прадстаўніцтвы іншых краінаў. У Рыме месьцяцца шмат міжнародных установаў, у прыватнасьці культурных і навуковых, як то Амэрыканскі інстытут, Брытанская школа, Француская акадэмія, Скандынаўскія інстытуты й Нямецкі археалягічны інстытут. Ёсьць таксама адмысловыя ўстановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, як то Харчовая й сельскагаспадарчая арганізацыя ААН. У Рыме таксама знаходзяцца буйныя міжнародныя й сусьветныя палітычныя ды культурніцкія арганізацыі, як то Міжнародны фонд сельскагаспадарчага разьвіцьця, Сусьветная харчовая праграма, Абарончы каледж НАТО й Міжнародны цэнтар па вывучэньні захаваньня й рэстаўрацыі культурных каштоўнасьцей.

Згодна з дасьледаваньнем гарадоў сьвету Рым ёсьць горадам клясы Бэта+[42]. У 2024 годзе горад займаў 31-е месца ў глябальным індэксе гарадоў, другое месца ў Італіі пасьля Міляну[43]. З ВУП у 2005 годзе ў памеры 94,376 мільярда эўра[44], горад вырабляе 6,7% нацыянальнага ВУП, то бок найбольшы паказьнік, чым у любым іншым асобным горадам краіны, а ўзровень беспрацоўя, які зьнізіўся з 11,1% да 6,5% у час з 2001 па 2005 гады, цяпер ёсьць адным з найніжэйшых сярод усіх сталіцаў Эўрапейскага Зьвязу[44]. Эканоміка Рыму павялічваецца блізу 4,4% штогод й працягвае расьці больш высокімі тэмпамі ў параўнаньні зь любым іншым горадам у астатняй частцы краіны[44]. Гэта азначае, што калі б Рым быў аобнай краінай, ён быў бы 52-й найбагацейшай краінай у сьвеце паводле ВУП, які блізкі да памеру ВУП Эгіпту. У 2003 годзе ВУП на душу насельніцтва ў Рыме складаў 29 153 эўра, што ўважаецца за другі паказьнік у Італіі пасьля Міляну й складае больш за 134,1% ад сярэдняга ВУП на душу насельніцтва па ЭЗ[45]. Пры гэтым сярэдні прыбытак работнікаў у месьце ставіць горад на 9-ы радок у краіны, складаючы 24 509 эўра[46]. У глябальным маштабе працаўнікі ў Рыме атрымлівалі 30-ю паводле велічыні заработную плату ў 2009 годзе[47]. У 2023 годзе ВУП Рыму складаў 240,73 мільярдаў даляраў[48].

Не зважаючы на тое, што эканоміка Рыму характарызуецца адсутнасьцю цяжкай прамысловасьці й у ёй у значнай ступені дамінуе сфэра паслугаў, інфармацыйныя тэхналёгіі, аэракасьмічная прамысловасьць, абарона, тэлекамунікацыі, стартапы, робяцца дасьледаваньні, будаўніцтва й камэрцыйная дзейнасьць, а таксама турызм, што надае месту дынаміку. З больш чым 50 мільёнамі пасажыраў у 2025 годзе, рымскі міжнародны аэрапорт імя Леанарда да Вінчы, таксама вядомы як Ф’юмічына, ёсьць найбуйнейшым і найбольш загружаным у Італіі, а таксама адным з гіганцкіх эўрапейскіх хабаў. Акрамя таго, у горадзе месьцяцца сядзібы пераважнай большасьці найбуйнейшых італьянскіх кампаніяў, а таксама штаб-кватэры трох з 100 найбуйнейшых кампаніяў сьвету, як то Enel, Eni й Telecom Italia[49]. Унівэрсытэты, нацыянальнае радыё й тэлебачаньне, а таксама кінаіндустрыя Рыму таксама фармуюць ладную частку эканомікі места. Рым ёсьць цэнтрам італьянскай кінаіндустрыі дзякуючы студыі Чынэчыта, якая працуе з 1930-х гадоў. Горад таксама ёсьць цэнтрам банкаўскай і страхавой справы, а таксама электроннай, энэргетычнай, транспартнай і аэракасьмічнай прамысловасьці.
Турызм
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Рым сёньня ёсьць адным з найважнейшых турыстычных цэнтраў сьвету дзякуючы незьлічонай колькасьці археалягічных і мастацкіх скарбаў, а таксама прывабнасьць сваіх унікальных традыцыяў, прыгажосьці панарамных відаў і велічы цудоўных паркаў. Сярод найбольш значных музэяў вылучаюцца Капіталійскія музэі, Ватыканскія музэі й Галерэя Баргезэ. Таксама прыцягваюць увагу турыстаў аквэдукі, фантаны, цэрквы, палацы, гістарычныя будынкі, помнікі й руіны Рымскага форуму й катакомбы. Рым стаіць на трэцім радку паводле наведвальнасьці ў ЭЗ пасьля Лёндану й Парыжу, прымаючы ў сярэднім 7—10 мільёнаў турыстаў штогод. Калізэй (4 мільёны турыстаў) і Ватыканскія музэі (4,2 мільёнаў турыстаў) разьмяшчаюцца 39-м і 37-м (адпаведна) месцах паводле наведвальнасьці сярод розных аб’ектаў у сьвеце, паводле дасьледаваньня 2000-х гадоў[50]. Італьянская сталіца ёсьць буйным археалягічным цэнтрам і адным з галоўных цэнтраў археалягічных дасьледаваньняў у сьвеце. У горадзе разьмешчаныя шматлікія культурныя й дасьледчыя інстытуты, як то Амэрыканская акадэмія ў Рыме[51] й Швэдзкі інстытут у Рыме[52]. У Рыме мноства старажытных помнікаў, у тым ліку Рымскі форум, Траянаў рынак, Траянаў форум[53], Калізэй і Пантэон, і гэта толькі невялікая частка зь іх. Калізэй, мажліва, вылучаецца як адзін з самых знакавых археалягічных помнікаў Рыму, які ўважаецца за цуда сьвету[54][55].

Рым зьмяшчае велізарную калекцыю твораў мастацтва, скульптураў, фантанаў, мазаік, фрэсак і карцінаў розных часоў. Упершыню Рым стаў буйным мастацкім цэнтрам у часы Старажытнага Рыму, з такімі важнымі формамі рымскага мастацтва, як то архітэктура, жывапіс, скульптура й мазаіка. Мэталаапрацоўка, біцьцё манэтаў і апрацоўка каштоўных камянёў, разьба на слановай косьці, выраб фігурак з шкла, кераміка й ілюстрацыі да кніг лічацца «другароднымі» формамі рымскага мастацтва[56]. Пазьней горад стаў буйным цэнтрам мастацтва эпохі Адраджэньня, бо папы вылучалі велізарныя сумы грошай на будаўніцтва грандыёзных базылікаў, палацаў, пляцаў і грамадзкіх будынкаў агулам. Рым стаў адным з буйных цэнтраў мастацтва эпохі Адраджэньня ў Эўропе поруч з Флярэнцыяй і мог параўнацца зь іншымі буйнымі гарадамі й культурнымі цэнтрамі, як то Парыжам і Вэнэцыяй. Некаторыя з найвялікшых мастакоў таго часу працавалі ў Рыме, як то Мікелянджэлё, Рафаэль, Даната Брамантэ, Сандра Батычэльлі, Дамэніка Гірляндаё, П’ера дэльля Франчэска, П’етра Пэруджына, Козыма Расэльлі, Джэнтыле да Фабрыяна, Бэата Анджэліка, Леон Батыста Альбэрці, Джаваньні Батыста Пэньні, Джуліё Рамана, Роса Фіярэнтына, Франчэска Парміджаніна, Бэрнарда Расэліна, Бэноцца Гацолі, Пізанэльлё ды іншыя. У канцы XVIII і пачатку XIX стагодзьдзя Рыму быў адным з цэнтраў Гранд-тура, калі заможныя маладыя эўрапейскія шляхцічы наведвалі горад, каб спазнаць старажытнарымскую культуру, мастацтва, філязофію й архітэктуру. Рым прымаў вялікую колькасьць мастакоў нэаклясыцызму й ракако, сярод якіх былі Джаваньні Паолё Паніні й Бэрнарда Бэлёта.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Рым месьціцца ў цэнтры радыяльнай сеткі дарог, якія прыблізна паўтараюць лініі старажытнарымскіх дарог, што пачыналіся на Капіталійскім узгорку й злучалі Рым з усёй імпэрыяй. Сёньня цэнтар Рыму аточаны колцавай дарогай, якая праходзіць прыкладна ў 10 км ад Капітоліюму.

Дзякуючы свайму разьмяшчэньню ў цэнтры Апэнінскага паўвострава, Рым ёсьць галоўным чыгуначным вузлом цэнтральнай часткі краіны. Галоўны чыгуначны вакзал Рыму, вядомы як Тэрміні, ёсьць адным з найбуйнейшых чыгуначных вакзалаў у Эўропе й самым загружаным у Італіі, празь які штодня праязджаюць блізу 400 тысяч пасажыраў. Другі паводле велічыні вакзал у горадзе, Рома-Тыбуртына, быў пераабсталяваны ў хуткасны чыгуначны вакзал[57]. Акрамя частых дзённых хуткасных цягнікоў, якія злучаюць места з усімі буйнымі італьянскімі гарадамі, з Рыму штовечар адыходзяць цягнікі на Сыцылію, а таксама начныя цягнікі рушаць у Мюнхэн і Вену. Рым абслугоўваецца трыма аэрапортамі. Міжнародны аэрапорт імя Леанарда да Вінчы ўважаецца за галоўны аэрапорт краіны. Ён месьціцца ў суседнім месьце Ф’юмічына на паўднёвым захадзе ад Рыму. У 2024 годзе ён абслужыў больш за 49 мільёнаў пасажыраў, што зрабіла яго самым загружаным аэрапортам у Італіі. Стары рымскі аэрапорт Чампіна сумесна выкарыстоўваецца як цывільнай авіяцыяй, гэтак і вайскоўцамі. Ён знаходзіцца побач зь мястэчкам Чампіна на паўднёвы ўсход ад Рыму. Трэці аэрапорт Урбэ гэта невялікі аэрапорт зь нізкай інтэнсіўнасьцю руху, разьмешчаны прыкладна за 6 км на поўнач ад цэнтру гораду. Ён абслугоўвае гэлікоптэры й прыватныя рэйсы летакоў.

Горад пакутуе ад праблемаў з рухам транспарту ў значнай ступені праз радыяльную структуры вуліцаў, што абцяжарвае рымлянам лёгкае перамяшчэньне з раёну адной з радыяльных дарог на іншую, не трапляючы ў гістарычны цэнтар або не выкарыстоўваючы колцавую дарогу. Гэтыя праблемы не разьвязвае абмежаваны памер рымскага мэтро ў параўнаньні зь іншымі гарадамі падобнага памеру. У Рыме на кожныя 10 тысяч жыхароў прыпадае толькі 21 таксоўка, што значна менш, чым у іншых буйных эўрапейскіх гарадах[58]. Хранічныя заторы, выкліканыя паўсюднаў аўтамабілізацыяй у 1970-х і 1980-х гадах, прывялі да ўхваленьня абмежаваньняў на дасяг транспартных сродкаў да цэнтральнай унутранай частцы гораду ў сьветлы час содняў. Тэрыторыі, дзе дзеюць гэтыя абмежаваньні, вядомыя як зоны абмежаванага руху.

У Рыме працуе сыстэма мэтро з трыма лініямі. Будаўніцтва першай лініі пачалося ў 1930-х гадах[59]. Лінія плянавалася дзеля хуткага злучэньня галоўнага чыгуначнага вакзала з новай заплянаванай зонай E42 у паўднёвых прадмесьцях, дзе ў 1942 годзе павінна была ладзіцца Сусьветная выстава. Аднак, гэтая імпрэза гэтак і не адбылася праз вайну, але пазьней у 1950-х гадах зона была часткова перапраектаваная й пераназваная ў Квартал Сусьветнай выставы, каб стаць сучасным бізнэсовым раёнам. Лінія была канчаткова адкрытая ў 1955 годзе, і цяпер яна ёсьць паўднёвай часткай лініі Б. Лінія А пачала працаваць у 1980 годзе ад станцыі Атавіяна да Ананьіны, а пазьней зь некалькімі этапамі яны была пашыраная да Батыстыні. У 1990-х гадах пачала эксплюатавацца падаўжэньне лініі Б ад Тэрміні да Рэбібіі. Лініі А й Б перасякаюцца на станцыі Тэрміні ў Рыме, дзе месьціцца чыгуначны вакзал. Пазьней пачала будавацца трэцяя лінія С, ацэначны кошт якой плянаваўся на ўзроўні 3 мільярдаў эўра. Яна часткова замяніла чыгуначную лінію Тэрміні—Пантана. На ёй працуюць цалкам аўтаматызаваныя цягнікі без машыніста[60]. Першы адрэзак з 15 станцыямі, які лучыць Пантана з кварталам Чэнтачэльле ва ўсходняй частцы гораду, адкрыўся 9 лістапада 2014 году[61]. Заканчэнтне работ было заплянавана на 2015 год, але археалягічныя знаходкі часта затрымлівалі падземныя будаўнічыя работы. Таксама плянавалася будаўніцтва чацьвертай лініі. Гэтая лінія мусіла мець 22 станцыяў з працягласьцю лініі ў 20 км. Першы вучастак павінен быў адкрыцца ў 2015 годзе, але празь фінансавы крызіс праект быў прыпынены.
Наземны грамадзкі транспарт у Рыме складаецца з аўтобуснай, трамвайнай і гарадзкой чыгуначнай сеткі. Аўтобусная сыстэма налічвае больш за 350 аўтобусных лініяў і больш за восем тысячаў аўтобусных прыпынкаў, у той час як больш сьціплая трамвайная сыстэма мае 39 км рэек і 192 прыпынкі[62]. Працуюць таксама тралейбусы[63].
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Архітэктура Рыму цягам стагодзьдзяў зазнавала значных зьменаў ад старажытнарымскай архітэктуры да італьянскай мадэрнісцкай і сучаснай архітэктуры. Рым калісьці быў галоўным цэнтрам клясычнай архітэктуры ў сьвеце, дзе паўставалі новыя формы, як то арка, купал і скляпеньне. Раманскі стыль у XI, XII і XIII стагодзьдзях таксама шырока выкарыстоўваўся ў рымскай архітэктуры, а пазьней горад стаў адным з галоўных цэнтраў архітэктуры эпохі Адраджэньня й барока[64].
Фантаны й аквэдукі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Рым шырока вядомы сваімі шматлікімі фантанамі, пабудаванымі ў розных стылях, ад клясычнага й сярэднявечнага да стылю барока й нэаклясыцызму. У горадзе фантаны існуюць больш за дзьве тысячы гадоў, паўстаючы дзеля забесьпячэньня места пітной вадой і прыгожага аздабленьня рымскіх пляцаў. У часы Рымскай імпэрыі, у 98 годзе, паводле Сэкста Юліюса Франтына, рымскага консула, які быў кіраўніком водазабесьпячэньня, у Рыме было дзевяць аквэдукаў, якія сілкавалі 39 манумэнтальных фантанаў і 591 грамадзкі басэйн, ня лічачы вады, якая паступала ў імпэратарскі двор, лазьні й да ўладальнікаў прыватных вілаў. Кожны з галоўных фантанаў быў падлучаны да двух розных аквэдукаў на выпадак, калі адзін зь іх часова выводзіўся з эксплюатацыі[65].
Цягам XVII і XVIII стагодзьдзяў папы рэканструявалі між іншым закінутыя рымскія аквэдукі й пабудавалі новыя дэкаратыўныя фантаны, паклаўшы пачатак залатому веку рымскіх фантанаў. Фантаны Рыму, як і карціны Рубэнса, былі выразам новага стылю барочнага мастацтва. У гэтых фантанах скульптура стала галоўным элемэнтам, а вада выкарыстоўвалася наўпрост дзеля ажыўленьня й упрыгожваньня скульптураў. Яны, як і барочныя сады, былі візуальным увасабленьнем упэўненасьці й моцы[66].
Статуі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Рым знаны сваімі статуямі, але ў прыватнасьці, гаваркімі статуямі Рыму. На іх з XVI стагодзьдзя жыхары места пакідалі ананімныя сатырычныя надпісы, вершы й палітычныя пасквілі. Асноўныя зь іх гэта статуі Паскіна й Марфарыё, але маюцца яшчэ чатыры вядомыя статуі, якіх стасуюць да гэтай катэгорыі, як то Бабуіна, Мадам Люкрэцыю, Фачына й Абата Люіджы. Большасьць гэтых статуяў былі створаныя ў старажытнарымскі альбо клясычны час, і большасьць зь іх ёсьць выяваў мітычных багоў, старажытных выбітных людзей альбо легендарных асобаў. Гэтак, статуя Паскіна ёсьць выявай Мэнэлая, Абат Люіджы створаны вобразам невядомага рымскага магістрата, Бабуіна ўважаюць за Сылена, Марфарыё ўвасабляе Акіяна, Мадам Люкрэцыя — гэта бюст Ісыды, а Фачына ёсьць адзінай нярымскай статуяй, створанай у 1580 годзе, якая не падае анікога асобна. Праз свайго статус на гэтыя статуі дасюль чапляюць плякаты або наносяць графіці, якія выказваюць палітычныя ідэі і пункты гледжаньня. Іншыя статуі ў горадзе, якія не павязаныя з гаваркімі статуямі, улучаюць помнікі на мосьце Сьвятога Анёла або некалькі помнікаў, раскіданых па горадзе, напрыклад, помнік Джардана Бруна на пляцы Кампа-дэ-Ф’ёры.
Абэліскі й калёны
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У горадзе ўсталяваныя восем старажытнаэгіпецкіх і пяць старажытнарымскіх абэліскаў, а таксама шэраг больш сучасных абэліскаў. Да 2005 году ў Рыме таксама меўся старажытны этыёпскі абэліск[67]. Некаторыя абэліскі ўзвышаюцца на пляцах, як то П’яцца Навона, пляцы Сьвятога Пятра, П’яцца Мантэчыторыё й П’яцца дэль Паполё, а іншыя стаяць у вілах, тэрмальных парках і садах, як то ў Віле Чэлімантана, тэрмах Дыяклетыяна й Пінцыевым пагорку. Акрамя таго, у цэнтры Рыму таксама знаходзяцца калёна Траяна й Марка Аўрэліюса, дзьве старажытнарымскія калёны зь сьпіральным рэльефам. Калёна Марка Аўрэліюса разьмешчаная на пляцы Калёна й была пабудаваная блізу 180 году Комадам у памяць аб бацьках. Гэтая калёна была натхнёная калёнай Траяна на форуме Траяна, які ёсьць часткай Імпэратарскіх форумаў[68].
Масты
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У Рыме ёсьць мноства знакамітых мастоў, якія ўсталяваныя праз Тыбр. Адзіны мост, які захаваўся да нашых дзён з клясычнай эпохі, — гэта Понтэ-дэі-Куатра-Капі, які злучае востраў Тыбэрына зь левым берагам. Да ліку іншых захаваных, хоць і мадыфікаваных, старажытнарымскіх мастоў стасуюцца Понтэ-Чэстыё, Понтэ-Сант-Анджэлё й Понтэ-Мільвіё. Калі ўлічваць Понтэ-Намэнтана, які таксама быў пабудаваны ў Старажытным Рыме, які перасякае Аньенэ, тады дасюль у горадзе захавалася пяць старажытнарымскіх мастоў[69]. Сярод іншых вартых увагі мастоў вылучаюцца Понтэ-Сыста, першы мост, пабудаваны ў эпоху Адраджэньня на рымскім падмурку; Понтэ-Рата, фактычна адзіная захаваная арка старажытнага Понса Эмілія, які абваліўся падчас паводкі 1598 году й быў зьнесены ў канцы XIX стагодзьдзя; і Понтэ-Віторыё-Эмануэле-II, сучасны мост, які злучае Корса-Віторыё-Эмануэле ды Борга. Большасьць грамадзкіх мастоў гораду былі пабудаваныя ў клясычным стылі або ў стылі Адраджэньня, а таксама ў стылях барока, нэаклясыцызму й мадэрну. Згодна з «Брытанскай энцыкляпэдыяй», найлепшым старажытным мостам, які захаваўся ў Рыме, ёсьць мост Сьвятога Анёла, які быў завершаны ў 135 годзе й упрыгожаны дзесяцьцю статуямі анёлаў, спраектаванымі Бэрніні ў 1688 годзе[70].
Забавы й сцэнічныя мастацтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Рым ёсьць важным цэнтрам музыкі з насычанай музычнай сцэнай. Тут знаходзіцца Нацыянальная акадэмія Санта-Чэчылія, заснаваная ў 1585 годзе, дзеля якой былі пабудаваныя новыя канцэртныя залі ў новым комплексе Парка дэльля Музыка, адной з найбуйнейшых музычных пляцовак у сьвеце. У месьце таксама працуе Рымскі опэрны тэатар і некалькі невялікіх музычных установаў. У Рыме ладзіўся конкурс песьні Эўрабачаньне ў 1991 годзе, а таксама адбывалася цырымонія ўручэньня прэміі MTV Europe Music Awards у 2004 годзе.
Рым учыніў вялікі ўплыў на гісторыю музыкі. Рымская школа, то бок група кампазытараў пераважна царкоўнай музыкі, працавала ў горадзе ў XVI і XVII стагодзьдзях, такім чынам ахопліваючы эпохі позьняга Адраджэньня й раньняга барока. Гэты тэрмін таксама стасуецца музыкі, якую яны стваралі. Многія з тых кампазытараў мелі беспасярэднюю сувязь з Ватыканам і папскай капэляй, але й працавалі ў некалькіх цэрквах. Стылістычна іх часта супрацьпастаўляюць Вэнэцыянскай школе кампазытараў, якая дзеіла адначасна з рымскімі калегамі, але ўважадася за больш прагрэсіўную. Найвядомейшым кампазытарам Рымскай школы быў Джаваньні П’ерлюіджы да Палестрына, чыё імя ўжо чатырыста гадоў асацыюецца з гладкай, чыстай, поліфанічнай дасканаласьцю. Аднак у Рыме працавалі й іншыя кампазытары розных стыляў.
Паміж 1960 і 1970 гадамі Рым уважаваўся за «Новы Галівуд», дзякуючы працы шматлікіх актораў і рэжысэраў. Вуліца Віторыё Вэнэта ператварылася на глямурнае месца, дзе можна было сустрэць знакамітых людзей[71].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- Рымскі форум (Forum Romanum), эканамічны, палітычны й рэлігійны цэнтар старажытнага Рыму
- Імпэратарскія форумы, ансамбль плошчаў, апраўленых калённым портыкам і з коннай статуяй імпэратара ў цэнтры
- Калізэй (Colosseum), старажытнарымскі амфітэатар
- Пантэон (Pantheon), старажытнарымскі храм усіх богаў
- Замак Сьвятога Анёла (Castel Sant' Angelo), першапачаткова — маўзалей Адрыяна, у эпоху Сярэднявечча быў перабудаваны ў замак
- Бызаліка Сьвятога Пятра (Basilica di San Pietro), самая вялікая царква ў сьвеце, цэнтар каталіцтва (разьмешчаны на тэрыторыі дзяржавы Ватыкан)
- Пляц Навона (Piazza Navona) з Фантанам чатырох рэк працы Джаваньні Лярэнца Бэрніні
- Фантан Трэві (Fontana di Trevi), самы знакаміты фантан Рыму
Фотагалерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Літаратурная вечарына. Зьлева направа: выступае Сакрат Яновіч, а перакладае Крыстына Мольды. Італія, Рым, двор Блюмэнштыль, 1998 год.
- Рымскі форум
- Рымскі Калізэй
Горад-сябар
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гарады-партнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Пётар Татарыновіч — каталіцкі сьвятар заходняга абраду, папскі прэлат, доктар тэалёгіі (1950), рэлігійны й культурна-асьветны дзяяч, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху, выкладчык, выдавец, рэдактар, пісьменьнік, перакладнік і публіцыст.
- Сакрат Яновіч — беларускі пісьменьнік з Польшчы, член грамады літаратараў «Белавежа».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://tg24.sky.it/roma/2021/10/21/roberto-gualtieri-sindaco-giunta-roma
- ↑ https://sjp.pwn.pl/so/rzymianin;4507980.html
- ↑ https://sjp.pwn.pl/so/rzymianka;4507982.html
- 1 2 https://wsjp.pl/haslo/podglad/45034/rzymianin
- ↑ «Rome, city, Italy». Columbia Encyclopedia (6th ed.). 2009.
- ↑ Bremner, Caroline (12 December 2008). «Euromonitor International’s Top City Destinations Ranking». Euromonitor International.
- ↑ «European city brands». City Mayors. 28 August 2008.
- ↑ «Historic Centre of Rome, the Properties of the Holy See in that City Enjoying Extraterritorial Rights and San Paolo Fuori le Mura». UNESCO World Heritage Center.
- ↑ «Itv News | The 50 Most Visited Places in The World». Itvnews.tv.
- ↑ «Comitato Roma 2020». 2020roma.it.
- 1 2 3 4 5 6 7 Bertarelli 1925. С. 22.
- ↑ Basilica of St. Peter Catholic Encyclopedia. New Advent (01.02.1912). Архіўная копія ад 10.01.2010 г.
- 1 2 3 Bertarelli 1925. С. 23.
- ↑ Pope Pius IX Catholic Encyclopedia. New Advent (1911). Архіўная копія ад 08.03.2017 г.
- ↑ Cederna, Antonio Mussolini urbanista. — Bari: Laterza. — С. passim.
- ↑ Baily, Virginia. How the Nazi occupation of Rome has gripped Italy’s cultural imagination // The Guardian, 25.07.2015 г.
- ↑ Ravaglioli, Armando (1997) (in Italian). «Roma anno 2750 ab Urbe condita». Rome: Tascabili Economici Newton. ISBN 88-8183-670-X.
- ↑ Green Areas. RomaPerKyoto.org. Архіўная копія ад 04.02.2008 г.
- ↑ World Map of Köppen−Geiger Climate Classification.
- ↑ «Storia della neve a Roma». meteo-net.it
- ↑ Delpak, Heady Travelling Guide To Amazing City of Rome in Italy. — Barnes & Noble Press. — ISBN 9798855613827
- ↑ Gregory S. Aldrete Floods of the Tiber in Ancient Rome. — JHU Press. — ISBN 978-0-8018-8405-4
- 1 2 Ward, Lorne H. Roman Population, Territory, Tribe, City, and Army Size from the Republic's Founding to the Veientane War, 509 B.C.-400 B.C. // The American Journal of Philology. — 1990. — Т. 111. — № 1. — С. 5—39. — DOI:10.2307/295257
- ↑ P.M.G. Harris The History of Human Populations: Forms of growth and decline. — Greenwood Publishing, 2001. — ISBN 978-0-275-97131-1
- ↑ Herreros, Francisco Size and Virtue // European Journal of Political Theory. — 2007. — Т. 6. — № 4. — С. 463—482. — DOI:10.1177/1474885107080651
- ↑ Paul Bairoch Cities and Economic Development: From the Dawn of History to the Present. — University of Chicago Press. — ISBN 978-0-226-03466-9
- ↑ Duiker, William; Spielvogel, Jackson World History. — Wadsworth. — ISBN 978-0-534-57168-9
- ↑ Storey, Glenn R. The population of ancient Rome // Antiquity. — 1997. — Т. 71. — № 274. — С. 966—978. — DOI:10.1017/s0003598x00085859
- ↑ Oates, Whitney J. The Population of Rome // Classical Philology. — 1934. — Т. 29. — № 2. — С. 101—116. — DOI:10.1086/361701
- ↑ Jones, Arnold HM (1966). «The Decline of the Ancient World». Lonmans, Green and Co. Ltd. London.
- ↑ Krautheimer, Richard (2000). «Rome, Profile of a City, 312–1308». — С. 65. — ISBN 0-691-04961-0.
- ↑ Lancon, Bernard (2001). «Rome in Late Antiquity». — С. 14. — ISBN 0-415-92976-8.
- ↑ Llewellyn, P. (1993). «Rome in the Dark Ages». London. — С. 97.
- ↑ Ostler, N. Ad Infinitum: A Biography of Latin. — London: HarperCollins, 2007. — ISBN 978-0-8027-1679-8
- 1 2 La Parlata romana. Università per stranieri di Siena. Архіўная копія ад 06.02.2015 г.
- ↑ Romanesco. Treccani. Архіўная копія ад 06.02.2015 г.
- ↑ Italiano di Roma. Treccani.
- 1 2 Dialetti. Treccani.
- ↑ Moore, Malcolm. Steps Jesus walked to trial restored to glory // The Telegraph, 13.06.2007 г. Архіўная копія ад 30.04.2020 г.
- ↑ Tempo Al Tempio. Monastero Buddhista Hua Yi Si — Evento FAI. fondoambiente.it. Архіўная копія ад 07.10.2024 г.
- ↑ Petrocelli, Leonardo (11.08.2023) Culto e cultura nel segno della dea: sorge a Taranto il tempio di Minerva. www.lagazzettadelmezzogiorno.it. Архіўная копія ад 07.10.2024 г.
- ↑ The World According to GaWC 2020. www.lboro.ac.uk. Архіўная копія ад 03.05.2017 г.
- ↑ Resurgent in a world at risk 2024 Global Cities Report. kearney.com. Архіўная копія ад 17.04.2014 г.
- 1 2 3 Rapporto Censis 2006. Censis.it. Архіўная копія ад 18.04.2008 г.
- ↑ Observatoribarcelona.org Архіўная копія ад 06.08.2007 г.
- ↑ La classifica dei redditi nei comuni capoluogo di provincia. Il Sole 24 ORE. Архіўная копія ад 12.05.2011 г.
- ↑ World’s richest cities in 2009. City Mayors (22.08.2009). Архіўная копія ад 12.06.2010 г.
- ↑ Global city GDP 2011. Brookings Institution. Архіўная копія ад 05.06.2013 г.
- ↑ DeCarlo, Scott. The World’s 2000 Largest Public Companies // Forbes, 30.03.2006 г. Архіўная копія ад 13.01.2007 г.
- ↑ The 50 Most Visited Places in The World. itvnews.tv (02.10.2009). Архіўная копія ад 02.10.2009 г.
- ↑ AIRC-HC Program in Archaeology, Classics, and Mediterranean Culture. Romanculture.org. Архіўная копія ад 29.03.2010 г.
- ↑ Isvroma.it. Isvroma.it. Архіўная копія ад 18.04.2008 г.
- ↑ Trajan's Glorious Forum // Archaeology. — 02.1998. — Т. 51. — № 1.
- ↑ Evans, I. H. (1975). «Brewer’s Dictionary of Phrase and Fable». Centenary edition Fourth impression (corrected). London: Cassell. — С. 1163.
- ↑ Miller, Francis Trevelyan; Wilson, Woodrow; Taft, William Howard Taft; Roosevelt, Theodore America, the Land We Love. — W. T. Blaine, 1915.
- ↑ Toynbee, J.M.C. Roman Art // The Classical Review. — 12.1971. — Т. 21. — № 3. — С. 439—442. — DOI:10.1017/S0009840X00221331
- ↑ Roma Tiburtina. Eurostar Italia Alta Velocità. Архіўная копія ад 03.12.2006 г.
- ↑ Kiefer, Peter. Central Rome Streets Blocked by Taxi Drivers // The New York Times, 30.11.2007 г. Архіўная копія ад 17.04.2009 г.
- ↑ Dyson, Stephen L. Archaeology, Ideology and Urbanism in Rome from the Grand Tour to Berlusconi. — Cambridge University Press, 2019. — ISBN 978-0-521-87459-5
- ↑ Kington, Tom. Roman remains threaten metro // Guardian, 14.05.2007 г. Архіўная копія ад 31.08.2013 г.
- ↑ Metro C, apre la Pantano-Centocelle: folla di romani all’inaugurazione // Il Messaggero, 09.11.2014 г. Архіўная копія ад 11.11.2014 г.
- ↑ ATAC. atac.roma.it. Архіўная копія ад 06.01.2012 г.
- ↑ Webb, Mary Jane’s Urban Transport Systems 2009–2010. — Coulsdon: Jane's Information Group, 2009. — ISBN 978-0-7106-2903-6
- ↑ Ercolia, Olivia; Belford, Ros; Mitchell, Roberta Rome. — Dorling Kindersley, 2006. — С. 36–37. — ISBN 1-4053-1090-1
- ↑ Grimal, Pierre (1944). «Frontin, Les Aqueducs de la ville de Rome». Société d'édition Les Belles Lettres, Paris.
- ↑ Attlee, Helen (2006). «Italian Gardens, a Cultural History». Francis Lincoln Limited, London.
- ↑ Chasing Obelisks in Rome. Initaly.com. Архіўная копія ад 06.02.2010 г.
- ↑ 7 Free Things To Do In Rome. roundtheworldmagazin.com (12.01.2017). Архіўная копія ад 17.02.2017 г.
- ↑ The Bridges of Ancient Rome. Citrag.it. Архіўная копія ад 13.01.2010 г.
- ↑ Sant'Angelo Bridge Encyclopædia Britannica Архіўная копія ад 09.01.2010 г.
- ↑ La New Hollywood. Il contesto politico-sociale. Università degli Studi di Ferrara. Архіўная копія ад 25.01.2021 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Bertarelli, Vittorio, Luigi Guida d’Italia. — Milano: CTI, 1925. — Т. IV.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Афіцыйная старонка (італ.)